Травень
Молімся за сем’і ў Беларусі
1. За стварэньне сем’яў на біблійным аснаваньні:
І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на падобнасьць Богу стварыў яго: мужчынай і жанчынай стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог:“Пладзіцеся і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарад-коўвайце яе сабе, і валодайце рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі”. (Быцьцё 1:27-28)
А з рабра, якое выняў з чалавека, Госпад Бог уфармаваў жанчыну і прывёў яе да чалавека. І сказаў чалавек: “Гэта цяпер косьць з касьцей маіх ды цела зь цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята ад мужа”. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і матку сваю і злучыцца з жонкай сваёй так, што будуць адным целам. (Быцьцё 2:22-24)
Жонкі, будзьце паслухмянымі мужам, як належыцца ў Госпадзе. Мужы, любіце жонак і ня будзьце для іх прыкрымі. (Каласянаў 3:18-19).
2. За прымірэньне і аднаўленьне парушаных сямейных адносінаў, супраць разводаў:
Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросьціць, не бывае ганарыстай, не надзімаецца, не амбітная, не шукае свайго, не злуецца, ня думае благога, ня цешыцца з несправядлівасьці, але радуецца праўдзе, усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. (1 да Карыньцянаў 13:4-7)
Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае. (Мацьвей 19:6)
Дык хачу, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, падымаючы чыстыя рукі бяз гневу і спрэчак. Падобна і жанчыны ў прыстойным адзеньні, упрыгожаныя са сьціпласьцю і цнатлівасьцю не пляценьнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі, але як належыцца жанчынам, лепш выяўляючы пабожнасьць праз добрыя справы. (1 да Цімафея 2:8-10)
Таксама і вы, мужы, у супольным жыцьці лічыцеся разумна з жанчынай, як з нетрывалай пасудзінай, аддаючы гонар, бо вы супольна зь імі спадкаемцы ласкі жыцьця, каб не стаўляць перашкод малітвам вашым. (1 Пётры 3:7)
3. За аднаўленьне лідарскай пазіцыі мужчыны ў сям’і:
Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны – Хрыстос, а кожнае жонкі галава – муж, а галава Хрыста – Бог. (1 да Карыньцянаў 11:3)
Мужы, любіце жонак, як і Хрыстос любіць Царкву, і Самога Сябе выдаў за яе. (Эфэсцаў 5:25)
Калі хто не можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай. (1 да Цімафея 3:5)
Калі ж хто не апякуецца над сваімі, тым больш хатнімі, той выракся веры і горшы за нявернага. (1 да Цімафея 5:8).
4. За чысьціню і праведнасьць у адносінах, супраць блуда:
Няхай ва ўсіх будзе ў пашане сужэнства і сужыцьцё беззаганнае, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог. (Гебраяў 13:4)
Хай крыніца твая будзе дабраславёная, і цешся жонкай маладосьці тваёй. (Выслоўі 5:18)
Хай муж аддае належнае жонцы, падобна і жонка мужу. (1 да Карыньцянаў 7:3)
5. За любоў да дзяцей:
Вось ад Госпада дар: гэта дзеці, нагарода Яго — плод чэрава. Быццам стрэлы ў магутнай руцэ, гэтак сыны маладыя. Шчасьлівы той чалавек, што імі напоўніў каўчан свой. (Псальм 126:3-5)
Разумна вучыць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей. (Ціту 2:4)
6. Супраць абортаў:
Бо Ты стварыў нутро маё выткаў мяне ў чэраве матчыным… Вочы Твае бачылі мяне, калі быў я яшчэ бяскшталтным зародкам; дні былі вызначаны і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе, калі яшчэ ніводнага з іх не было. (Псальм 138:13-16)
Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлоньні маткі, Я ведаў цябе, перш, чым прыйшоў ты на сьвет, Я асьвяціў цябе. (Ярэмія 1:5)
Чулі, што сказана было продкам: «Не забівай», а хто заб’е, будзе асуджаны. (Мацьвей 5:21)
Бо калі вы сапраўды выправіце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і калі будзеце справядлівыя адзін да другога, калі ня будзеце крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву, ды ня будзеце праліваць нявіннае крыві на гэтым месцы, ды калі ня пойдзеце за чужымі багамі на сваю загубу, тады Я дазволю вам жыць на гэтым месцы, на зямлі, каторую Я даў бацькам вашым ужо даўно і назаўсёды. (Ярэмія 7:5-7)
|